Вераценьніца ломкая (Anguis fragilis), мясцовыя назвы: мядзянка, сьлімень — паўзун сямейства вераценьніцавых.
Даўжыня цела 12—22 см, разам з хвастом 23—43 см, маса 15—35 г. Цела верацёнападобнае, доўгае, нагадвае цела зьмяі. Зьнешнія прыкметы, якія адрозьніваюць вераценьніцу ад зьмей, — гэта наяўнасьць рухомых павекаў; лускі брушнога і сьпіннога бакоў амаль аднолькавыя. Луска тулава выключна гладкая. Маладыя вераценьніцы афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер. Уздоўж хрыбта праходзяць адна або дзьве тонкія палоскі, якія пачынаюцца на патыліцы трохвугольнай плямай. Бакі і бруха ярка-бурага або чорнага колеру, рэзка кантрастуюць з афарбоўкай сьпіны. У працэсе росту афарбоўка мяняецца: сьпіна цямнее, а бакі і брушка, наадварот, сьвятлеюць. З узростам вераценьніцы зьверху набываюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з характэрным медным або бронзавым адценьнем, чым і тлумачыцца іншая назва віду — мядзянка.
Вераценьніца ломкая (Anguis fragilis), мясцовыя назвы: мядзянка, сьлімень — паўзун сямейства вераценьніцавых.