Сурыка́т, мэерка́т (па-лацінску: Suricata suricatta) — від сысуноў зь сямейства мангуставых. Распаўсюджаны ў Паўднёвай Афрыцы і Батсване ў асноўным у пустыні Калахары. Сярэдняя працягласьць жыцьця сурыкатаў складае 12—14 рокаў.
Даўжыня цела разам з галавой 250—350 мм, хвост даўжынёй 175—250 мм. Сярэдняя вага 720 (саміцы) — 730 (самцы) грамаў.
Афарбоўка поўсьці сьветла-шэрая, жаўтаватая. На сьпіне мае характэрны малюнак з чорных палосак — кончыкаў валаскоў. На брусе ёсьць участак з рэдкім валосьсем, якім сурыкаты назапашваюць цеплыню падчас стаяньня на задніх лапах, асабліва на сьвітанку пасьля халоднай ночы. Мех доўгі і мяккі, падшэрстак цёмна-руды. Целасклад стройны, але схаваны пад густым мехам. На пярэдніх лапах доўгія і моцныя кіпцюры даўжынёй 2 см, якімі сурыкаты рыюць норы і здабываюць ежу, а таксама караскаюцца на дрэвы.
Галава белая, на канцы завостраная з карычневым носам. Вушы чорныя, серпавідныя, падчас рыцьця зямлі могуць зварочвацца, каб унутар не патрапляла зямля. Як і каты, маюць бінакулярны зрок, вялікі радыюс агляду і адчуваньне прасторы. Хвост сурыката не такі пухкі, як у іншых мангуставых, але вельмі доўгі і тонкі, жаўтаваты. На канцы звужаецца да чорнага або чырванаватага наканечніка. Пахвінныя залозы выдзяляюць пахкі сакрэт. Саміцы маюць 6 цыцак.
Жывуць у засушлівай мясцовасьці, амаль пазбаўленай дрэваў, на каменьчатай або іншай цьвёрдай глебе. Калёніі сурыкатаў рыюць шырока разгалінаваную сыстэму нораў або карыстаюцца кінутымі норамі афрыканскай паземнай вавёркі. У горных раёнах сховішчамі для іх паслугуюць скалістыя пячоркі. Вядуць дзённы лад жыцьця. Любяць грэцца на сонцы, займаючы самыя мудрагелістыя позы. Могуць доўга стаяць на задніх лапах, абапіраючыся на хвост.
Харчуюцца паблізу ад уласных норак, перагортваючы камяні і выкопваючы расколіны ў зямлі. Збольшага ядуць казурак, але могуць спажываць таксама й яшчарак, зьмеяў, скарпіёнаў, павукоў, шматножак, дробных хрыбетнікаў, яйкі, розную расьліннасьць, зрэдку дробных птушак. Ежа не назапашваецца ў тлушчы, таму сурыкаты маюць штодзённую патрэбу ў яе здабычы. Маюць імунітэт да атруты скарпіёна, які пражывае ў пустыні Калахары.
Сурыкаты — высокаарганізаваныя жывёлы. Злучаюцца ў калёніі да 20—30 асобаў, у некаторых выпадках да 50. Усе чальцы групы рэгулярна песьцяць адно аднаго, каб падтрымоўваць сацыяльныя повязі. Галоўная пара часта меціць сваіх падначаленых для ўмацаваньня аўтарытэту. Астатнія ўдзельнікі клану імкнуцца пры гэтым палашчыць альфа-пару ці палізаць іхні твар. Гэткая форма паводзінаў таксама практыкуецца пасьля кароткатэрміновага расстаньня чальцоў групы. Большасьць удзельнікаў клану зьяўляюцца роднымі або нашчадкамі альфа-пары.
Сурыкаты-саміцы, якія ня маюць уласных нашчадкаў, часта кормяць сваім малаком кодлу альфа-пары і выконваюць ролю нянькі ў адсутнасьць бацькоў. Яны таксама абараняюць малых дзіцёнкаў ад небясьпекі, часта нават ахвяруючы ўласным жыцьцём. Пры небясьпецы нянька хавае маладых сурыканятаў і рыхтуецца да абароны. Калі пад зямлю схавацца немагчыма, яна зьбірае разам усіх дзяцей і накрывае іх уласным целам.
Кланы варагуюць міжсобку за тэрыторыі. Калі адна сям’я захоплівае нару іншай, дзіцяняты пераможанай будуць забітыя. У групе сурыкатаў пануе матрыярхат.
Сурыкаты часта перамаўляюцца міжсобку, іхні гукавы шэраг налічвае прынамсі дваццаць-дваццаць пяць гукавых спалучэньняў.
Ежу здабываюць супольна, пакідаючы аднаго «на варце» для перасьцярогі ад драпежнікаў. Маленькія асобы здабываюць ежу не раней як празь месяц пасьля нараджэньня, і напачатку з дапамогай старэйшага чальца статку, які павучае іх гэтаму майстэрству[1]. Вартавы сурыкат пры адсутнасьці небясьпекі пэрыядычна падае кароткія сыгналы. Пры зьяўленьні драпежніка гучна гаўкае або сьвішча. Іншыя сурыкаты рэагуюць у залежнасьці ад сытуацыі, у тым ліку могуць разам стаць на абарону ад драпежніка.
Сурыкаты дасягаюць полавага высьпяваньня ў гадавым узросьце. Саміца сурыката можа прыносіць да чатырох кодлаў у год. Спарваньне адбываецца пераважна ў цёплыя поры году. Цяжарнасьць доўжыцца прыкладна 77 дзён. У кодле да 7 дзіцёнкаў, звычайна чатыры ці пяць.
Нованароджаныя нараджаюцца неданошанымі. Важаць 25—36 г, вочы адчыняюць на 10—14 дзень, вушы на 15-ы. На малочным гадаваньні знаходзяцца 49—63 дні. Дзіцяняты могуць выйсьці з нары на сьвятло толькі пасьля трох тыдняў. Паглядзець на гэта да нары зьбіраецца ўвесь клан.
У сем’ях дзікіх сурыкатаў права даваць нашчадкаў мае толькі дамінантная саміца. Калі зацяжарыла якая-небудзь іншая саміца, або ўжо нават прынесла кодлу, дамінантная саміца можа выгнаць тую зь сям’і. Часта яна нават забівае маленцаў. Нярэдка выгнаныя саміцы распачынаюць новую сям’ю з качавымі самцамі.
Слова «мэеркат» паходзіць з мовы афрыкаанс, у якую яно, у сваю чаргу, запазычанае з галяндзкага слова meerkat — «азёрны кот». Тым ня меней, сурыкаты ані пражываюць у вадаёмах, ані належаць да сямейства каціных. Самі нідэрлянцы завуць гэтую жывёлу stokstaartje, а слова meerkat адносіцца ў іх да аднаго зь відаў макакаў.
Сурыкаты кепска прыручаюцца. Ад іхняга ўкусу можна атрымаць заражэньне. Маюць благі пах, пазначаюць сваю «тэрыторыю» і свайго гаспадара. У адзіноце могуць станаць гістэрычнымі[2].
У Паўднёвай Афрыцы іх трымаюць дома для адлову грызуноў і зьмеяў.
— сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Suricata suricatta — таксанамічная інфармацыя
Сурыка́т, мэерка́т (па-лацінску: Suricata suricatta) — від сысуноў зь сямейства мангуставых. Распаўсюджаны ў Паўднёвай Афрыцы і Батсване ў асноўным у пустыні Калахары. Сярэдняя працягласьць жыцьця сурыкатаў складае 12—14 рокаў.